Зварот да міжнародных партнёраў

Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта

5 верасня 2020 года

Мы, студэнты, выпускнікі і выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ), звяртаемся да міжнародных партнёраў МДЛУ з просьбай падтрымаць наш універсітэт у барацьбе за вяртанне вяршэнства закона ў краіне, канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, правоў чалавека, а таксама абарону студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Апошні месяц у Беларусі быў адзначаны масавымі пратэстамі ў адказ на фальсіфікацыю рэзультатаў Прэзідэнцкіх выбараў 2020 і небывалым міліцэйскім гвалтам у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

Цягам трох начэй пасля аб’яўлення «перамогі» дзеючага Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі, з 9 па 12 жніўня 2020 года людзі ў розных населеных пунктах краіны выходзілі на вуліцы, каб выказаць незадаволенасць фальсіфікацыямі. З боку ўлады ў адказ былі праведзеныя брутальныя масавыя затрыманні з прымяненнем такіх спецсродкаў, як святлошумавыя гранаты, слезацечны газ і вадамёты. Пратэстоўцаў моцна збівалі і расстрэльвалі гумовымі кулямі. Каля 7 000 чалавек былі затрыманыя. Негуманныя ўмовы ўтрымання, прыніжэнне чалавечай годнасці і жорсткае абыходжанне сталі прычынай псіхічных і фізічных траўм соцень людзей; 6 чалавек загінулі. ААН афіцыйна падцвердзіла як найменш 450 выпадкаў катаванняў затрыманых падчас пратэстаў.

Варта адзначыць, што ўся выбарчая кампанія 2020 года суправаджалася гвалтам з боку дзеючай улады ў дачыненні да альтэрнатыўных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, арыштамі палітычных праціўнікаў і членаў іх сем’яў, выкраданнем актывістаў, прымусам да фальсіфікацыі вынікаў галасавання ды іншымі незаконнымі дзеяннямі. Ціск, запалохванні, пагрозы, звальненні, зняцце з пасадаў, маштабная прапаганда і дэзынфармацыя ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, прадузятасць суддзяў і парушэнне правоў затрыманых на юрыдычную абарону прывялі, з аднаго боку, да небывалага росту пратэстнай актыўнасці, а з іншага, да спынення ўсялякіх дзеянняў з боку нязгодных з рэжымам грамадзян, якія былі вымушаныя маўчаць у мэтах прафесійнай і асабістай бяспекі.

Пасля 12 жніўня 2020 года рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, якія змагаюцца за правядзенне справядлівых выбараў і якія абараняюць свае канстытуцыйныя правы, набылі менш жорсткі характар, аднак 1 верасня 2020 года на пачатку вучэбнага года краіну зноў накрыла хваля гвалту супраць пратэстоўцаў.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт стаў арэнай дзеянняў для так званых праваахоўных органаў. Студэнты МДЛУ, якія выйшлі на пляцоўку перад універсітэтам на мірную акцыю супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, былі затрыманыя АМАПам. Некаторыя з іх былі выкрадзеныя незнаёмцамі ў масках. Частка студэнтаў спрабавала схавацца ў будынку ўніверсітэта, але адміністрацыя загадала закрыць дзверы. Тых жа, хто здолеў трапіць унутр, сустрэў прадстаўнік адміністрацыі. Ён папярэдзіў, што ўсе, хто працягне несанкцыяваную акцыю пратэсту, будуць затрыманыя ўнутры ўніверсітэта. Дзеянні сілавікоў ён не асудзіў; не выказаў заклапочанасці станам затрыманых і выкрадзеных студэнтаў. Замест гэтага ўніверсітэт апублікаваў зварот, у якім заклікаў студэнтаў спыніць акцыі пратэсту на тэрыторыі ўніверсітэта і аб’ектаў побач. Такім чынам адміністрацыя зняла з сябе адказнасць за тых, хто вырашыць пратэставаць па-за межамі ўніверсітэта.

З 2 па 4 верасня 2020 года назіралася павелічэнне колькасці супрацоўнікаў МУС і незнаёмцаў у цывільным ва ўніверсітэце. Яны здымалі пратэстоўцаў на камеры і пагражалі пакараннем, а 4 верасня 2020 года жорстка затрымалі 5 студэнтаў у вестыбюлі ўніверсітэта. Адміністрацыя ніякім чынам не абараніла студэнтаў. На знак пратэсту адзін выкладчык звольніўся, іншыя заклікалі адміністрацыю паўплываць на сітуацыю і выступіць у абарону студэнтаў. Толькі пасля гвалтоўнага затрымання была праведзеная тэрміновая нарада студэнтаў і іх бацькоў з адміністрацыяй ВНУ, дзе рэктар паабяцала разабрацца ў сітуацыі і прыняць меры па прадухіленні арыштаў на тэрыторыі ўніверсітэта. У выніку перамоваў рэктара з МУС затрыманых студэнтаў вярнулі ва ўніверсітэт, аднак на момант напісання гэтага звароту мы не маем упэўненасці, што сітуацыя сапраўды зменіцца. Мы непакоімся аб бяспецы тых, хто зараз вучыцца і працуе ў МДЛУ.

Мы разумеем, што МДЛУ як дзяржаўная ўстанова мае абмежаваныя магчымасці супрацьстаяць патрабванням рэжыму; супрацоўнікі ВНУ фактычна з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі, а рэктар Наталля Пятроўна Баранава была прызначана на гэтую пасаду дзеючым Прэзідэнтам. Мы таксама разумеем клопат кіраўнікоў МДЛУ аб будучыні ўніверсітэта і сваёй кар’еры. Тым не менш, МДЛУ, які вучыць студэнтаў агульначалавечым каштоўнасцям, міжкультурнай камунікацыі, крытычнаму мысленню, маральным і прававым нормам, абавязаны быў выступіць у ролі маральнага лідэра, стаць на пазіцыі абароны справядлівасці, канстытуцыйных правоў і гуманнасці.

Мы, студэнты, выпускнікі, былыя і цяперашнія супрацоўнікі МДЛУ, апублікавалі адкрыты ліст да рэктара Н. П. Баранавай і ўсяго кіраўніцтва ўніверсітэта. Мы заклікаем адміністрацыю асудзіць фальсіфікацыю вынікаў выбараў 2020 года і гвалтоўныя дзеянні з боку рэжыму А. Р. Лукашэнкі, а таксама выступіць у абарону грамадзянскіх правоў студэнтаў і выкладчыкаў, якія гарантуюцца ім Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а менавіта права выказваць сваё меркаванне праз мірныя дэманстрацыі. На дадзены момант ліст падпісалі больш за 2000 чалавек, і колькасць падпісантаў працягвае расці.

Мы звяртаемся да вас, партнёры МДЛУ. Просім вас выступіць з афіцыйнай заявай і асудзіць палітычна матываваны гвалт у Беларусі, а таксама падтрымаць адміністрацыю МДЛУ у адстойванні канстытуцыйных і грамадзянскіх правоў студэнтаў і супрацоўнікаў; заявіць пра недапушчальнасць гвалту і запалохвання ў любой форме. Мы верым, што сумесныя дзеянні дапамогуць абараніць фундаментальныя маральныя, прававыя і гуманістычныя прынцыпы, на якіх базуецца вышэйшая адукацыя.


Студэнты, выпускнікі, былыя і цяперашнія супрацоўнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Дадатак. Міжнародныя і беларускія арганізацыі і СМІ пра падзеі ў Беларусі

1. КДК: Віктар Бабарыка затрыманы як «арганізатар супрацьпраўнай дзейнасці» (Белсат)

https://belsat.eu/news/viktar-babaryka-afitsyjna-zatrymany/

2. У Менску адбыліся сутычкі з праваахоўнікамі, ёсьць параненыя. Людныя пратэсты былі ва ўсіх абласных цэнтрах, шэрагу буйных гарадоў (Радыё Свабода)

https://www.svaboda.org/a/30774692.html

3. У Вярхоўны суд Беларусі прынеслі 25 тэчак з доказамі фальсіфікацый (Новы час)

https://novychas.by/palityka/u-vjarhouny-sud-belarusi-prynesli-25-teczak-z-doka

4. У Лінгвістычным унівэрсытэце студэнтаў затрымалі пасьля выкананьня «Марсэльезы». Адміністрацыя: гэта ня мы выклікалі сілавікоў (Радыё Свабода)

https://www.svaboda.org/a/30820685.html

5. Акцыя студэнтаў і выкладчыкаў каля Лінгвістычнага ўніверсітэту (Радыё Свабода)

https://www.svaboda.org/a/30822473.html

6. Заткніся, зараз і цябе забярэм! У МДЛУ АМАП жорстка затрымлівае студэнтаў (Новы час)

https://novychas.by/hramadstva/zatknisja-zaraz-i-cjabe-zabjarem-u-mdlu-amap

7. ААН мае звесткі пра 450 выпадкаў катаванняў пратэстоўцаў у Беларусі (Белсат)

https://belsat.eu/news/aan-mae-zvestki-pra-450-vypadkau-katavannyau-pratestoutsau-u-belarusi/